19 лістапада ў рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 50-годдзю з дня заснавання ўстановы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж”, у канцэртнай зале каледжа адбыўся канцэрт аркестра рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Казекі. Дзмітрый Казека – выпускнік Гродзенскага музычнага вучылішча па класу баяна 1992 года. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і магістратуру пры ёй. Працаваў дырыжорам аркестра рускіх народных інструментаў Тульскай абласной філармоніі (Расія), з 2003 года працуе выкладчыкам Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, з 2015 – кіруе аркестрам рускіх народных інструментаў. На канцэрце, які сабраў вялікую колькасць аматараў народнай музыкі, калектыў прадставіў надзвычай цікавую і разнастайную праграму, у якой прынялі ўдзел навучэнцы і выкладчыкі каледжа, выпускнікі розных гадоў, іншыя гродзенскія музыканты, звязаныя з музычным каледжам рознымі творчымі сувязямі. Стварыць вельмі цёплую, сяброўскую атмасферу і наладзіць кантакт артыстаў са слухачамі дапамог цудоўны вядучы, добра вядомы гродзенцам Алег Касарэнкаў, які ў 1992 годзе таксама скончыў Гродзенскае музычнае вучылішча па класу баяна.