*
 

Аўтарскі канцэрт Я.Паплаўскага

Яўген Паплаўскі нарадзіўся 20.09.1959 года ў мястэчку Поразава Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння Поразаўскай ДМШ паступіў у Гродзенскае музычнае вучылішча, якое скончыў у 1978 годзе па класу баяна (выкладчык Альфяровіч А.І.). Падчас вучобы ў вучылішчы займаўся кампазіцыяй у В.К.Радыёнава. У 1981 – 1986 гг. вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў класах Ігара Лучанка і Дзмітрыя Смольскага. Стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, браў удзел у майстар-класах Тондэ Леюва.
3 1997 па 1999 год атрымліваў стыпендыю Польскага Урада, на падставе чаго працаваў у Гданьску ў Акадэміі музыкі імя С.Манюшкі над творам для сімфанічнага аркестра «Барбара Радзівіл» і Студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве над уласным творчым праектам. Удзельнічаў у летніх курсах Асаnthe 2000 / Іrсаm.
У 1991 годзе па яго ініцыятыве ў Мінску быў арганізаваны Міжнародны фестываль сучаснай камернай музыкі, які праводзіўся кожныя два гады да 1995 года.
На Нацыянальным конкурсе кампазітараў, прысвечаным 500-годдзю Францішка Скарыны (1991 год) атрымаў II прэмію за сімфонію "Luх аеtеrnа" для тэнара, хору і сімфанічнага аркестра на словы Лявона Эміліта, прэм'ера якой адбылася 21 сакавіка 1997 года падчас святкавання 1000-годдзя Гданьска (Сімфанічны аркестр Балтыйскай філармоніі, хоры Акадэміі музыкі і Гданьскага ўніверсітэта, тэнар - Пётр Кусевіч, дырыжор - Зыгмунт Рыхарт). У студзені 2000 года на Міжнародным конкурсе кампазітараў "Jihlava-2000" у Празе яго харавы цыкл "Пагода ўжо позняй восені" на словы Леапольда Стафа атрымаў II прэмію ў намінацыі ''Творы для камернага хору". Прэм'ера цыкла адбылася ў 2002 годзе на 45 Міжнародным фестывалі харавой музыкі ў Празе (Кракаўскі камерны хор, дырыжор - Моніка Бахоўска).
У 2002 годзе па замове Эксперыментальнай студыі Польскага Радыё ў Варшаве ім быў напісаны "Шлях у Аблокі II" для габоя, ударных інструментаў і камп'ютара. Твор быў рэалізаваны ў Студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве. Прэм'ера адбылася на Міжнародным фестывалі "14. Дні музыкі кракаўскіх кампазітараў" (Марыюш Пэндзялак, габой; Ян Пільх, ударныя інструменты; Матэвуш Бень, праекцыя гуку). У маі 2004 года гэты твор прадстаўляў Эксперыментальную студыю Польскага Радыё на Міжнароднай трыбуне электраакустычнай музыкі ЮНЕСКА ў Рыме (IRЕМ 2004).
Па замове Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі "Варшаўская восень" напісаны для інструментальнага ансамбля "Святло на Шляху" (2000) і "Маё-ёй" (2005) - творы, якія былі выкананы ансамблем салістаў "Класік-Авангард" пад кіраўнінтвам Уладзіміра Байдава.
У 2013 годзе па замове Кракаўскага аддзялення Саюза кампазітараў Польшчы ў рамках праграмы Zamowienia kompozytorskie 2013, якая была рэалізавана праз Instytut Мuzykі і Таnса быў напісаны цыкл "Пожні" для змешанага хору без суправаджэння на словы Уладзіміра Жылкі і Ларысы Геніюш. Прэм'ера цыкла адбылася 15 снежня 2013 года падчас аўтарскага канцэрта кампазітара ў Кракаве (вакальны ансамбль SINGEТ, дырыжор - Марыя Янушкевіч).
Творы Я.Паплаўскага выконваліся на міжнародных фестывалях сучаснай музыкі і асобных канцэртах у Германіі, Нідэрландах, Даніі, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Польшчы, Украіне, Літве, Аргенціне, Бразіліі, Расіі і ЗША. Яго творчасць увасоблена на сямі кампакт-дысках, якія выдадзены ў Мінску.
Яўген Паплаўскі актыўна цікавіцца гісторыяй музычнага жыцця на Беларусі. Быў адным з заснавальнікаў і дырэктарам (да 1996) Нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб'яднання "Беларуская Капэла" (створана ў 1992 годзе), мэтай якога з'яўляецца пошук, вывучэнне і ўвядзенне ў выканальніцкую практыку старадаўняй беларускай музыкі. Актыўна і плённа працаваў у архівах бібліятэк Лондана, Кракава, Варшавы, Познані, Гданьска і Санкт-Пецярбурга. Знойдзеныя матэрыялы сталі асновай рэпертуару штогадовага фестывалю "Адраджэнне беларускай капэлы". Ён з'яўляецца аўтарам сцэнарыя балета "Тэагонія" (паводле Гесіёда, VIII ст. да н. э.), у якім узноўлены прынцыпы тэатра (1748) Уршулі Радзівіл (1705-1753). Паводле яго драматургічнай ідэі ў 1995 годзе быў пастаўлены балет ''Паланэз" на музыку Міхала Клеафаса Агінскага (1765-1833). Працягваючы даследванні, Яўген Паплаўскі ў 2008 годзе сумесна з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкай і Польскім інстытутам у Санкт-Пецярбургу заснаваў серыю нотных выданняў "Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі". Свет пабачылі ужо 12 сшыткаў серыі.

Аўтарскі канцэрт Я.Паплаўскага

Аўтарскі канцэрт Я.Паплаўскага
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.



Приоритетные сайты

^